У ААТ “Імя Жукава” завяршаюць сяўбу і рыхтуюцца да зялёнага жніва. З вяскоўцамі сустрэлася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка

Аснову будучых намалотаў хлебаробы ААТ “Імя Жукава”, як, дарэчы, і іншых гаспадарак раёна, закладвалі восенню.

Стараліся актывізаваць сельскагаспадарчыя работы, весці сяўбу азімых (ім адвялі 1700 гектараў) да позняга вечара, каб закончыць да 4 кастрычніка. Акрамя прывычных пшаніцы, жыта, трыцікале і рапсу, на 50-гектарнай плошчы загарнулі ў глебу насенне азімага ячменю. Вырошчванне каштоўнай зерневай культуры практыкуецца ў многіх сельгаспрадпрыемствах рэспублікі, прапісваецца яна і ў нас. Калі ячмень стойка перанясе зімовыя халады, то дае значна большы ўраджай, чым яравы.

У гэтыя майскія дні вядзецца хімпраполка азімага кліна. У дзве змены работу выконваюць Васіль Галезнік і Сяргей Яромчык, якія эксплуатуюць адзін трактар. Механізатары Аляксей Лазовік і Сяргей Ігнаценка ўносяць мінеральныя ўгнаенні пад кукурузу на зялёны корм. На зерне каралева палёў ужо пасеяна. Заслуга ў гэтым Сяргея Дудкіна і Аляксандра Ганчара.

Напружанне на палях не спадае. Як зазначыў Сяргей Лявоненка, кожны з удзельнікаў пасяўной на сваім вытворчым участку дэманструе майстэрства, дабіваецца высокай выпрацоўкі. Сяргей Аляксандравіч пагрузіў 20 940 тон арганікі, за што быў адзначаны старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянцінай Дзегцярэнкай. Яму – і цёплыя словы падзякі, і падарунак.

Віншаванні прымаў таксама Станіслаў Шкурко, які вядзе ворыва. Падрыхтоўкай глебы пад кукурузу заняты і Віталій Грамовіч.

Сяргей Лявоненка

 

Станіслаў Шкурко

 

Віталій Грамовіч

 

Як расказаў галоўны аграном ААТ “Імя Жукава” Міхаіл Смальцар, для гаспадарчых патрэб пасаджана 15 гектараў бульбы. Выносіць яе ў поле севазвароту сёлета, як гэта было ў папярэднія гады, па аб’ектыўных прычынах не атрымалася. Тое, што вырасце, пойдзе часткова на рэалізацыю, часткова – на корм жывёле.

Пасля дажджоў, пад вясновым сонцам, хутка пайшлі ў рост травы. З дня на дзень пачнецца нарыхтоўка кармоў, таму ўжо зараз рыхтуюцца дзве ёмістасці для закладкі сенажу ў Бурках: ачышчаюцца, дэзынфіцыруюцца, прыводзяцца ў парадак. Назапашваць кансерваваны корм будуць з люцэрны. Пасеюць і злакава-бабовыя сумесі. Зімовы рацыён грамадскага статка павінен быць не толькі сытны, але і разнастайны, збалансаваны.

Ніна СІНІЛАВА
Маяк Палесся